РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.

Аб’ячэйвальныя сеткавыя Р.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыя Р.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. Усмоктвальныя Р.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.

Бел. традыц. Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны час у вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц. Р.п. у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.

І.​М.​Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Ват.
Да арт. Рыбалоўныя прылады. Старажня.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)